УВИДЕТЬ ВСЮ СТРАНУ В БЕЗВЕСТНОМ ГОРОДКЕ

Стихи и песни Софьи Шах и Изяслава Котлярова о Светлогорске

МОЙ СВЕТЛЫ ГОРАД
 
Мой светлы горад Светлагорск,
працоўнай славы юны горад,
людской нястомнасцi ўсплеск -
да сонца ўзняты Серп и Молат!
Агульных намаганняў плён -
агнi заводаў i будоўляў
там, дзе дасюль вякоў спакон
шаптаўся лес, драмала поле.
Няўрымслiвы жыве народ -
рабочы, хiмiк, энергетык,
штодзённы круг яго турбот
ударнай справаю апеты.
Мой слаўны горад Светлагорск,
мой край натхнення й спадзявання!
Скрозь час праменiць светлы лёс
тваё нягаснучае ззянне!
 
Агнi камунiзму.-1984.-7 лiпеня.        С. Шах 
***
Увидеть всю страну в безвестном городке
и думать со внезапными слезами:
не вся вода, что в этой вот реке,
не вся земля, что здесь перед глазами.
 
Но в речке отражённые леса,
которые ты знаешь и не знаешь,
но так печально стынут небеса,
что слёз уже совсем не ощущаешь.
 
Здесь ног твоих касается река
так ласково, что, если не лукавить,
без этой речки и без городка
тебе своей Отчизны не представить.
 
Нева.-1988.-N2.                И. Котляров 
СВЕТЛЫ ГОРАД
 
Музыка Э. Наско                           Словы С. Шах
 
Мне добра ў горадзе маiм,
дзе паркi, помнiкi, алеi.
Мацнее будучыня з iм
і ўсё жыццё маё святлее.
Дзе ветрык тулiцца да шчок,
дзе побач вёска i лясок,
Беразiна непадалёк
i ўсе канцы ад цэнтра блiзка.
 
Прыпеў:
Мой родны горад Светлагорск,
працоўнай славы юны горад
людской нястомнасцi ўсплёск –
да сонца ўзняты Серп i Молат.
Мой светлы горад Светлагорск,
мой край натхнення, спадзявання,
час праменiць светлы лёс –
тваё нягаснучае ззянне.
 
Iмклiва вулiцы ляглi,
раскошна выраслi будынкi
на гэтай сонечнай зямлi,
дзе вечна помняцца Шацiлкi.
Мне добра ў горадзе маiм,
дзе паркi, помнiкi, алеi.
Мацнее будучыня з iм
i ўсё жыццё маё святлее!
 
Прыпеў
 
Агнi камунiзму.-1989.-23 верасня. 
СВЕДКА ПЕРАЙНАЧАНАЕ ДОЛI
 
(Вянок санетаў Соф’i Шах быў напiсаны да 30-годдзя Светлагорска)
 
1
Квiтнець табе ў гадах i не старэць,
мой горад цёплы, ў долi нечаканы.
Хачу я ўславiць сэрцам закаханым,
хачу цябе, удзячная, апець.
Што на радзiмай ты старонцы ёсць,
заўсёды светлым заставацца ўмееш,
людзьмi i справамi ўсё харашэеш
i з часам не губляеш маладосць.
Што воляй Духу тайнага свайго
ты стаў вяршыцелям жыцця майго,
майго шырокаспеўнага настрою...
Прыслухайся, як чэсна ў рэшце рэшт
гучыць прызнаннем не адзiн санет:
о, Светлагорск, багатая табою!
 
2
О, Светлагорск, багатая табою!
I ўсё таму... Ты разумееш сам:
не ведучы ўжо лiку добрым дням,
твой Дух пераклiкаецца з душою.
Ён у табе жыве, о горад мiлы.
Хоць ты аб тым не думаў, не гадаў,
а мне яго святло падараваў,
i столькi ў iм сканцэнтраванай сiлы...
Я дзякую за небывалы дар,
за смелае ажыццяўленне мар
хоць позняй, ды няскончанай парою.
Жыву, гару задумаю святой,
раскутая прыхiльнасцю тваёй,
благаславёнай шчодрасцю тваёю.
 
3
Благаславёнай шчодрасцю тваёю
цяпер адзначаны за годам год, -
крануты iх бесперапынны ход
тваёй нябачна-ласкавай рукою.
А мне ж яе так моцна не хапала...
Таму й гулялi ў лёсе скразнякi,
таму i панавалi тупiкi.
Даруй, што доўга я цябе шукала.
Я многае тады не разумела.
Не дадзена было - i не здалела,
таму i запазнiлася сустрэць...
Ды ўсё-такi дала мне доля шчасце, -
нi з чым не параўнальнае багацце.
Цi марыла калi я столькi мець?
 
4
Цi марыла калi я столькi мець?
Каб неабдымнае - i вось яно, так блiзка,
што кожная адмецiнка i рыска
уладна прымушае маладзець.
Такая дабрыня, такi давер, палону...
Няўжо ўсё гэта мне, ўсё мне да скону?
Шчэ не магу паверыць i цяпер.
Памерцi лепш, чым гэткаму зманiць.
Што нездарма пашчасцiла пражыць,
што выпала з табою мне спатканне, -
ты захавай у памяцi сваёй.
Калiсь пацвердзiш гэта, горад мой,
залiты сонцам, сцiшаны ў тумане.
 
5
Залiты сонцам, сцiшаны ў тумане, -
заўжды аднолькава ты мiлы мне,
ў якой бы нi была я старане,
захопленая доўгiм вандраваннем.
Iх прыгажосцi як не пакланiцца, -
Масква i Мiнск, узнёслы Ленiнград...
Ды толькi ты - у засенi прысад -
майго натхнення iсная сталiца.
Не можа быць нiякiх параўнанняў.
Вышэй усiх калiшнiх спадзяванняў
Ты ў долю ўвайшоў i стаў маiм,
каб я на свет нанова пазiрала,
яму дзiвiцца не пераставала
пад небам то блакiтным, то сiвым.
 
6
Пад небам то блакiтным, то сiвым
мой час бяжыць, здаецца, не ўпустую:
то радасць нечаканую святкую,
то з горачкам звыкаюся лiхiм.
Трывожных дзён нiколi не пазбыць,
але я згодна, згодна i з такiмi, -
усе яны становяцца маiмi,
калi ад iх душа мая балiць.
Няхай балiць, хвалюецца, смуткуе,
што дадзена, хай перагаруе, -
свая патрэба i карысць у тым,
калi за паўсядзённай мiтуснёю
магу сабе адзначыць з цеплынёю:
ты акружаеш хараством жывым.
 
7
Ты акружаеш хараством жывым.
А хараство таму i не слабее,
Што ўплыў святога Духу скрозь мацнее.
Сама сябе не пазнаю пад iм.
Дабрэю невыказнай дабрынёй,
сама святлом праменюся шчымлівым
пад гэтым, пад загадкавым уплывам
яго вялiкаснасцi трапяткой.
Такiя змены ўжо, што немагчыма
i параўнаць анi, нiякiм чынам,
жыла, як i жыву... Не дай мне Бог
таемнае парушыць чараванне.
О горад, ты спазнаць яго памог,
ты поўнiш сэнсам кожнае свiтанне.
 
8
Ты поўнiш сэнсам кожнае свiтанне,
калi мне голас пасылаеш свой,
якi не слыхам, - доляю усёй
ужо ўспрымаю, тоячы дыханне.
Я зараз так зжылася з iм, ласкавым,
што ранак без яго – прапашчы дзень,
бы на яго насоўваецца цень
i ўслед звычайныя цяжэюць справы.
Усё вакол мяняецца тады:
нi ладу, нi святла, нi прастаты,
бы воблiк твой адчужана-замглёны.
Нiбыта ў нейкай стомленай журбе,
мярцвеюць, забываючы сябе,
твае праспекты i мiкрараёны.
 
9
Твае праспекты i мiкрараёны,
твае алеi, кветнiкi, сады...
Утульны ты, дагледжаны заўжды,
i шчодра-шчодра сонцам азароны.
Стаiш па-над Бярэзiнай-ракою,
у рупным ладзе iмкнучыся ўвысь.
Ты мараю людзкою быў калiсь,
ты явай стаў i гордасцю людзкою.
На кожным кроку радуеш сабой.
А пройдзе час, i большаю красой
парадуеш мой позiрк нестамлёны.
I гэтак жа аб нечым дарагiм
прашалясцяць у часе новым тым
твае каштаны стройныя i клёны.
 
10
Твае каштаны стройныя i клёны,
i лiп раскучаравыя рады...
Свет зноў то развiтальна залаты,
То ўвесь ён развяселена зялёны.
То ў шэранi ўзнiкае трапятлiва,
то агалелы, цьмяны i сыры, -
без ранняй, без вячэрняе зары
маркоцiцца ў замкнёнасцi тужлiвай.
Але чым болей я жыву на свеце,
тым болей дзiўнага ў зiме, у леце
знаходжу, забываючы спакой.
Вясна, што радасць нам
дажджамi множыць,
і восень, што так iмi ўсё трывожыць, -
прасякнутыя роднасцю адной.
 
11
Прасякнутыя роднасцю адной
i вышынёй з'яднаныя навекi,
наблiзiм час, але не проста нейкi,
а блаславёны мараю самой.
Мiнулым незайздрослiвым жыццём
мы за яго ўжо з лiшкам заплацiлi.
А каб яшчэ больш некалi цанiлi,
i зараз плоцiм спраўна дзень за днём.
Пакуль што ў гэтых межах гарадскiх
яшчэ бядуе наш i зрок i слых,
перш на сябе прымаючы клапоты.
А роўны пошум паркаў i алей,
i тратуараў людных паралель -
нямыя сведкi радасцi, журботы.
 
12
Нямыя сведкi радасцi, журботы:
вось плошча, пошта, школы i садкi,
вакзал, iмклiвых цягнiкоў гудкi,
палацы, стадыёны i заводы.
I помнiкi Героям той, Айчыннай,
Вялiкай той, пакутлiвай вайны, -
хiба ж не сведкi пiльныя яны,
як мы жывём то полымна, то зiмна?
I вулiцы запомняць, i дамы,
як гаравалi, знемагалi мы,
мiж перашкод не маючы свабоды.
I як пад вышнiм, векавым Дабром
нязменна ратавалiся святлом
мацнеючай спагады i пяшчоты.
 
13
Мацнеючай спагады i пяшчоты
мы сiлу трапяткую спазнаём
i душы ёй на мiласць аддаём,
ратуючы ад згубнае гаркоты.
О гэта сiла - непаўторны свет
высокiх дум i маладых памкненняў,
акрыленых надзей i ўвасабленняў,
i многаабяцаючых прыкмет...
У гэтым свеце быць - яму малiцца,
ды ўздыху да апошняга з iм зжыцца,
ўслаўляць яго й за сотаю вясной.
Галоўны сведка не, не шкадавання,
а назаўжды адданага прызвання
I долi перайначанай маёй.
 
14
I долi перайначанай маёй,
а следам i душы iмпэтна спеўнай, -
iх не было б, сцвярджаю гэта смела,
не адбылося б iснасцi такой.
Калi б не Дух, што вылучыў мяне,
раскрыўшы таямнiцы той дзяннiцы,
што скрозь мяцелiцы i навальнiцы
зiхцiць i шырыцца ў маiм акне.
Калi б не ён, якому ты, мой горад,
сябе не даў пакiнуць ў люты холад
i з той пары стаў тонка iм яснець.
Прымi i за яго паклон мой шчыры.
Жадаюць ва ўнiсон ўсё струны лiры
квiтнець табе ў гадах i не старэць!
 
15
Квiтнець табе ў гадах i не старэць!
О, Светлагорск, багатая табою,
благаславёнай шчодрасцю тваёю...
Цi марыла калi я столькi мець?
Залiты сонцам, сцiшаны ў тумане,
пад небам то блакiтным, то сiвым, -
ты акружаеш хараством жывым,
ты поўнiш сэнсам кожнае свiтанне.
Твае праспекты i мiкрараёны,
твае каштаны стройныя i клёны,
прасякнутыя роднасцю адной, -
нямыя сведкi радасцi, журботы,
мацнеючай спагады i пяшчоты,
i долi перайначанай маёй.
 
Светлагорскiя навiны.-1991.-1 мая.      С. Шах 
ПЕСНЯ АБ СВЕТЛАГОРСКУ
 
(На конкурс на лепшую ўрачыстую песню аб горадзе)
 
Словы С. Шах
 
Сонца ўзыходзiць - твой абсяг залоцiць,
над табою высi зорнай яснаты.
Мiмалётны вецер хмар сiвых нагонiць,
а ўсё роўна светлы чысцiнёю ты.
 
Прыпеў:
Мiлы горад – маладосць i сталасць
лучацца ў адзiн агульны лёс,
каб заўжды ўся твая прывабнасць
пацвярджала назву "Светлагорск".
 
То зiма цябе ўпрыгожвае снягамi,
то вясна чаруе зеленню густой,
то за летнiмi вясёлкавымi днямi
агарнае восень думнасцю сваёй.
 
Прыпеў.
 
Ты заўсёды i руплiвы, i гасцiнны, -
рады мастакам i спевакам штораз,
i гадзiннiк, што вянчае дом вышынны,
ад Шацiлавiч адлiчвае твой час.
 
Прыпеў.
 
Набярэжную тваю мiлуюць воды
летуценнiцы - Бярэзiны-ракi...
Хай сплываюць з iмi змрочныя турботы, -
заставайся ў долi светлым на вякi.
 
Светлагорскiя навiны.-1999.-1 мая. 
***
Вось гэты горад тым і незвычайны,
што размясціўся хараством сваім
паміж усходам Вашым прыцягальным
і захадам прасветленым маім.
 
Ўзнімаеце Вы сонца раніцою,
мне надвячоркам перадаяце –
і горад нават сцюжнаю зімою,
здаецца, ўвесь рамонкава цвіце.
 
А я, прымаючы святло, нязменна,
калі сціхае дзённы шум і гам,
да глыбіні шчаслівая, ўзаемна
яго пад раніцу вяртаю Вам.
 
І горад не старэе паміж намі,
ён падаўжае наш няпросты час.
Маўчыць ненадакучліва гадамі –
удзячны горад разумее нас.
 
С. Шах. Пад высокай лагодай нябёс: вершы. – Мінск, 1995. – С.105