У апошні час Цэнтральнай раённай бібліятэцы вельмі шанцуе. Наведваюць яе значныя людзі нашага горада, раёна і ўсёй Беларусі. На гэты раз у бібліятэцы адбылася сустрэча з зямлячкай Галінай Васільеўнай Шаблінскай. Родам наша зямлячка з Сасновага Бору.
Галіна Васільеўна загадчыца аддзела літаратурна-мастацкага вяшчання Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Белтэлерадыёкампаніі. Узнагароджана дыпломам I ступені за літаратурны праект-конкурс «Бацькаўшчына светлая мая» у намінацыі «У год малой радзімы — вялікія справы». Галіна Васільеўна аўтар і складальнік трох аўтабіяграфічных кніг: Я.Купала “Мне сняцца сны аб Беларусі” ,У.Караткевіча “Быў. Ёсць. Буду” , К.Чорны “Чалавек гэта цэлы свет.” Апошняя кніга – гэта задумка самой госці, яе і падаравала Галіна Васільеўна не толькі нашай бібліятэцы, а таксама і Светлагорскаму краязнаўчаму музею.
Галіна Васільеўна Шаблінская лічыць, што такія кнігі павінны чытаць як мага больш людзей. Бо ў іх знаходзяцца таленавітыя творцы, якія застануцца ў гісторыі беларускай культуры прыкладам самаадданага служэння Бацькаўшчыне. У заключэнні сустрэчы, яна падзякавала за цёплы прыём і пажадала несці беларускае слова сваім чытачам, як гэта робіць яна. Усё мерапрыемства Галіна Васільеўна гаварыла на роднай мове, з яе вуст яна гучала меладычна і прыгожа, нам застаецца толькі павучыцца. Вялікі дзякуй за такую любоў к роднай мове і сваёй працы.





