26 лістапада споўнілася 95 гадоў з дня нараджэння выдатнага беларускага пісьменніка, празаіка, драматурга, публіцыста, перакладчыка, сцэнарыста, класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Ён па праве лічыцца адной з найбольш знакавых постацей у беларускай літаратуры другой паловы XX стагоддзя. Караткевіч стаў першым беларускім аўтарам, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву.
Творы Уладзіміра Караткевіча, такія як «Каласы пад сярпом тваім», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Зямля пад белымі крыламі» і «Чорны замак Альшанскі», часта называюць культавымі і легендарнымі. Ён таксама з’яўляецца адным з самых чытаных аўтараў Беларусі, што пацвярджаецца дадзенымі Міністэрства інфармацыі, Нацыянальнай бібліятэкі, сеткі «Белкніга», а таксама нязменнай любоўю шматлікіх пакаленняў чытачоў.
У гонар гэтай знакавай даты бібліятэкар Давыдаўскай сельскай бібліятэкі арганізавала для вучняў старэйшых класаў прагляд дакументальнага фільма «Сівая легенда Уладзіміра Караткевіча». Акрамя таго, адбылося выразнае чытанне вершаў і фрагментаў твораў пісьменніка, а таксама агучванне біяграфічных звестак пра яго жыццё і творчасць.



