Літаратурны час «Сын зямлі палескай»

Івану Паўлавічу Мележу, народнаму пісьменніку Беларусі і славутаму аўтару трылогіі “Палеская хроніка”, сёлета спаўняецца 105 гадоў. Напярэдадні юбілею ў гарадской бібліятэцы №6 адбыўся літаратурны час «Сын зямлі палескай».

Лёс адмераў Івану Паўлавічу ўсяго 55 гадоў жыцця. Пасля цяжкага ранення ў 1942 годзе, калі яму быў толькі дваццаць адзін год, дактары прагназавалі, што ён не пражыве больш за сорак. Таму Іван Мележ спяшаўся жыць, імкнуўся зрабіць як мага больш. Памятаючы вердыкт ваенных урачоў, Мележ працаваў надзвычай шмат. Часта нават ноччу ў яго пакоі гарэла святло. Як успамінала Лідзія Якаўлеўна, жонка пісьменніка, для Івана Паўлавіча было вялікім шчасцем стаць пісьменнікам, мець магчымасць занатаваць на паперы свае думкі пра беды, радасці, шчасце і гора. Нават пры такой напружанай працы ён не паспеў рэалізаваць усё задуманае, бо жыццё абарвалася так нечакана. Але памяць пра Івана Паўлавіча засталася ў яго цудоўных творах.

Вучні 9 класа сярэдняй школы №6 з вялікім інтарэсам слухалі аповед пра жыццё і творчасць вялікага пісьменніка.