“Светлыя далі роднага краю: народная духоўная культура Светлагорскага раёна” – назва зборніка, прэзентацыя якога адбылася ў Дуброўскай сельскай бібліятэцы.

Выйшаў ён у серыі “Мая малая радзіма” аб’ёмам 314 старонак, тыражом 99 экзэмпляраў, пры фінансавай падтрымцы Светлагорскага раённага выканаўчага камітэта. Надрукаваны быў у Гомелі, у рэдакцыі газеты “Гомельская праўда” напрыканцы 2025 года.
Зборам матэрыялу для кнігі разам з калегамі займалася Валянціна Станіславаўна Новак – прафесар Гомельскага дзяржаўнага універсітэту імя Ф. Скарыны, доктар філалагічных навук.
Яна далучылася да імпрэзы праз відэа, у якім выказала падзяку ўсім, хто меў дачыненне да выдання гэтага ўнікальнага аўтэнтычнага твора.
Дарэчы, вядучымі мерапрыемства сталі былыя студэнткі ГДУ імя Ф. Скарыны Бусел Юлія, Мітраховіч Вера, чый сабраны падчас вучэбнай практыкі фальклорны матэрыял таксама ўвайшоў у зборнік.
На старонках 34-39 размешчаны артыкул Івана Афанасьева, загадчыка кафедры рускай і сусветнай літаратуры ГДУ імя Ф. Скарыны, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі «Поэтическое зодчество Изяслава Котлярова. Размышления о творчестве и судьбе поэта».
На сустрэчы прысутнічала аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў светлагорская паэтэса Соф’я Шах.

Яна падарыла кніжку вершаў для дзяцей з аўтографам і пажаданнямі шчаслівага маленства юным чытачам Дуброўскай сельскай бібліятэкі. Пісьменніца адзначыла багаты кніжны фонд бібліятэкі.

Соф’я Мікалаеўна прачытала некалькі сваіх вершаў аб родным краі. Сярод іх адзін новы, на напісанне якога яе натхніла назва прэзентуемай кнігі “Светлыя далі роднага краю”.

Звесткі пра Дуброву знайшліся ў розных радзелах кнігі: “Фальклорна-этнаграфічная спадчына. Традыцыі каляндарна-абрадавага фальклору Светлагорскага раёна”, “Прыкметы і павер’і Светлагорскага раёна”, “Народная міфалогія”, “Пазаабрадавыя песні”….
Са слайдаў глядзелі аднавяскоўцы, ад якіх калісьці былі запісаны мясцовыя прыказкі, прымаўкі, песні, абрады, дыялекты…
На жаль, час не стаіць на месцы, тых, ад каго гэта было запісана, ўжо няма на гэтым свеце.
Але паводле іх успамінаў складзены картатэкі, альбомы, буклеты. Яны занатаваны на старонках кнігі.
Як сказала прафесар В.С. Новак: “Фальклор — гэта наш радавод, генетычны код, трывалая аснова самасвядомасці”.
Няхай будуць светлымі далі ў нашага роднага краю!
Пытайцеся пра гэты зборнік у бібліятэках горада і раёна.
Аўтар бібліятэкар Дуброўскай сельскай бібліятэкі Бусел Л.Ф.










