100 гадоў са дня нараджэння драматурга і перакладчыка Андрэя Макаёнка

12 лістапада мы адзначаем 100-годдзе беларускага драматурга, народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Ягоравіча Макаёнка.

Андрэй Макаёнак – гэта цэлая эпоха, пісьменнік вялікага грамадзянскага тэмпераменту, яго творчасць стала плённым здабыткам нацыянальнай беларускай літаратуры, п’есы атрымалі ўсеагульнае прызнанне і знайшлі сцэнічнае ўвасабленне як у Беларусі, так і за межамі нашай рэспублікі. Наватарскі характар творчасці Макаёнка дазволіў ёй выйсці за рамкі нацыянальнага значэння.

Безумоўна, кожны з напісаных Макаёнкам драматургічных твораў, сцэнарыяў да мастацкіх фільмаў – вельмі актуальныя і цяпер, праз чатыры дзясяткі гадоў пасля смерці народнага пісьменніка. Таму што яго ўвага заўсёды была скіравана на вырашэнне агульнаграмадскіх, надзённых і самых важных сацыяльна-палітычных, маральна-этычных праблем, якія хвалявалі людзей у 60-я  – 80-я гады мінулага стагоддзя. І многія з гэтых праблем, на жаль, не зжыты, актуальныя ў ХХІ стагоддзі. Можа, таму яны і існуюць дагэтуль, бо мы, усе разам, беларусы, своечасова не прыслухоўваліся да разумных парад нашых класікаў? Можа, таму, што мы чытаем і глядзім зараз не тое, што нам – грамадству – прынясе карысць сёння і заўтра?

Драматург быў узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знакам Пашаны», Кастрычніцкай Рэвалюцыі і шматлікімі медалямі, а таксама званнем «Народны пісьменнік БССР». Макаёнак з’яўляецца лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы і Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа.