Ад шчырага сэрца ў дзень юбілею
Жадаем радасці, светлай надзеі.
Шчасця ў будні, шчасця ў святы,
Хай добрыя весткі прыходзяць у хату,
Хай будуць заўсёды здароўе і сіла,
Жыццё няхай будзе доўгім, шчаслівым.
У Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці ў маленькай вёсцы Заброддзе 24 студзеня 1951г. і нарадзіўся беларускі пісьменнік Міхась Пазнякоў.
Вучыўся старанна, з вялікім хваляваннем і адказнасцю.Займаўся ў разнастайных гуртках і спартыўных секцыях. Змалку любіў чытаць, кнігі захаплялі яго настолькі, што забываўся на ўсё. Першы верш ён напісаў у шостым класе, выконваючы дамашняе заданне па рускай літаратуры, і з таго часу не пакідаў пісаць.
Міхась Пазнякоў з’яўляецца Лаўрэатам літаратурных прэмій імя Петруся Броўкі, Янкі Маўра, Васіля Віткі, тройчы лаўрэат рэспубліканскай літаратурнай прэміі «Лепшая кніга года»
Яго творы – своеасаблівая паэтычная энцыклапедыя навакольнага свету. Пісьменнік апявае прыгажосць і багацце роднай прыроды; ухваляе сяброўства, дабрыню, мары, захапленні, шчырыя адносіны паміж людзьмі.Вучыць любіць і шанаваць усё жывое, непаўторнае.
Міхась Пазнякоў – аўтар многіх кніг для дзяцей. На яго вершы шмат напісана песень.
Кнігалюб
Кніжкі кожны дзень чытаю
І табе таксама раю
З імі, дружа, сябраваць,
Каб разумным, добрым стаць.
Кнігі дораць радасць, веды,
Вучаць нас адольваць беды,
Адкрываюць тайны, цуды,
Іх чытаць заўсёды буду.
Мудрых многа кніг на свеце,
І скажу вам па сакрэце:
Ключык шчасця залаты
Прыхаваны ў кнігах тых.
Ну, а той, хто іх чытае,
Гэты ключык адшукае.
У зборніках на нашай выставе: «Святло дабрыні», «Тры чарадзеі», «У бары і на двары», «Свята ўраджаю», «Птушынае свята», «У родным краі», «Дзівосны свет», «Падарожжа ў краіну загадак», «Песня прыроды», «У заапарку», «Чёрные аисты» і іншыя.



