У мінулую суботу дванадцаць рабят малодшага і сярэдняга ўзросту хадзілі па сцяжынках малой радзімы. Мерапрыемства, падрыхтаванае сельскай бібліятэкай, так і называлася — калейдаскоп цікавых фактаў “Сцяжынкамі малой радзімы”. Пачалося яно з прагляду відэафільма пра вёску Дуброва.
Потым разбіралі: чаму вёска мае такую назву? Якія прозвішчы мелі першыя жыхары, якія заснавалі вёску? Колькі гадоў стаіць на правым беразе рачулкі Іпа вёска Дуброва.
Ўзгадалі знакамітых землякоў, якія нарадзіліся, вучыліся і жылі ў вёсцы. Гэта Герой Сацыялістычнай Працы, партыйны і дзяржаўны дзеяч Дайнэка Піліп Пятровіч. Дацэнт, кандыдат сельскагаспадарчых навук, аўтар некалькіх кніг па гэтай тэме Бусел Іван Паўлавіч.
Яшчэ адзін цікавы факт. Як у розныя часы называлася мясцовае сельгаспрадпрыемства? Прыгадалі яго шлях ад калгаса «Чырвоная Дуброва» да філіяла “Дубрава-агра” РУП “Гомельэнэрга”.
Бяспрэчна, годны ўвагі такі факт, што імёны і лёсы пяці Герояў Савецкага Саюза звязаны з вёскай Дуброва. Тры з іх загінулі і пахаваныя і вёсцы, а два засталіся жывыя. І зараз іх дзеці прыязджаюць у Дуброву, на месца подзвіга бацькоў.
Палічылі колькі вуліц і перавулкаў ёсць зараз у вёсцы. Як яны называюцца? Дарэчы, тры з іх носяць імёны Герояў Савецкага Саюза. Калі Дуброва атрымала статус аграгарадка і што гэта значыць? І яшчэ шмат цікавых фактаў, якія занатаваныя ў летапісе вёскі.
Дзеці з цікавасццю разглядалі альбомы з дакументамі і фотаздымкамі.
Наведалі музей гісторыі вёскі Дуброва, што дапамагло лепей зразумець і запомніць атрыманыя веды.



