Вы калі-небудзь бралі кнігу ў бібліятэцы ўсляпую, не ведаючы ні аўтара, ні назвы твора? Наўрад ці. Звычайна мы прыходзім у храм кніг з канкрэтнай мэтай: узяць сабе што-небудзь для душы або творы на пазакласнае чытанне дзецям. Прыслухоўваемся да парад бібліятэкараў, якую кнігу лепш узяць, знаёмімся з новымі паступленнямі.
А вось гарадская бібліятэка №3 у заінтрыгавала сваіх чытачоў незвычайнай акцыяй “Спатканне ўсляпую… з кнігай”. Кожная кніга, што прымае ўдзел у акцыі, абгорнута шчыльнай паперай. Да кнігі прымацаваны тэматычныя стыкеры, кшталту “Твор пра сабаку, які тройчы мяняў сваіх гаспадароў” альбо “Вы калі-небудзь пісалі лісты таму, каго ніколі не бачылі? А галоўны герой гэтага твора пісаў”. Пад абгорткай схаваліся і запрашаюць чытачоў на спатканне кнігі К. Хадасевіч-Лісавой, Я. Калашнікава, А. Мельнікава, М. Слівы і іншыя цікавыя кнігі.
Акцыя выклікала вялікі інтарэс у чытачоў. Некаторыя прыйшлі “на спатканне” ўжо двойчы. Яшчэ тры выданні-ўдзельнікі чакаюць тых, хто аддасць ім перавагу, вылучыць сярод іншых кніг.
Аматары прыгожага мастацкага слова, а таксама загадкавасці і таямніц, схадзіце на спатканне ўсляпую з кнігай – не пашкадуеце!




