У гарадской бібліятэцы №6 адбылося сапраўднае падарожжа ў мінулае і сучаснасць Светлагорска! Юныя краязнаўцы з вялікай цікавасцю пазнаёміліся з гісторыяй роднага горада.
Пачалося мерапрыемства з прэзентацыі «Гісторыя роднага горада», дзе праз слайды удзельнікі мерапрыемства зазірнулі ў мінулае Светлагорска, даведаліся пра яго заснаванне і развіццё. А каб праверыць, наколькі ўважліва дзеці слухалі, бібліятэкар правяла гульню-размінку «Хутчэй за ўсіх!». Хлопчыкі і дзяўчынкі з азартам адказвалі на пытанні аб родным горадзе, дэманструючы свае веды. Далей паглыбіліся ў сімвалы горада. А ў інтэрактыўнай гульні «Гульня-знаходка» (з дапамогай слайдаў прэзентацыі) дзеці шукалі і знаходзілі знаёмыя месцы і аб’екты Светлагорска. Асабліва кранальнай атрымалася гульня «Сонейка». Дзеці апісвалі Светлагорск і яго славутасці, а потым прымацоўвалі праменьчыкі да сонейка. Атрымалася вельмі цёплая і сонечная карціна! Напрыканцы падарожжа бібліятэкар правяла гульню «Упрыгожым дрэва». Дзеці пакідалі свае пажаданні роднаму гораду, дзяліліся ўражаннямі аб мерапрыемстве і ўпрыгожвалі дрэва сэрцайкамі.
Мерапрыемства завяршылася падвядзеннем вынікаў і знаёмствам з абанементам бібліятэкі. Спадзяемся, што краязнаўчае падарожжа натхніла дзяцей на далейшае вывучэнне гісторыі і культуры роднага краю!





