Вось і надыйшоў канец лета. Як заўсёды яно праляцела так хутка, што мы і не заўважылі. Чытачам светлагорскіх бібліятэк яно запомніцца не толькі цяплом, сонейкам, марамі, якія здзейсніліся, але і карыснымі справамі.
Сёлета ў 13-ы раз у бібліятэках Светлагорскай раённай сеткі рэалізоўваўся праект “Арганізацыя працоўнай занятасці навучэнскай моладзі ў вольны ад вучобы час”. За гэтыя гады ён набыў папулярнасць, таму жадаючых папрацаваць улетку ў бібліятэцы дастаткова: прыходзяць нават і “нечытачы”. Фінансава падтрымлівае гэтую добрую справу раённае Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Дарэчы, за ўвесь час у праекце прынялі ўдзел звыш 500 падлеткаў. У сёлетнім годзе на яго рэалізацыю было выдзелена звыш 6.000 рублёў. Частка з іх была скарыставана на набыццё паперы, скотча, клея, іншых матэрыялаў, неабходных для рамонта кніг. Акрамя таго, была прадугледжана і аплата працы ўдзельнікаў праекта. Гэта цудоўная магчымасць не прасіць у бацькоў, а самім зарабіць грошы на ўласныя патрэбы. Куратарам праекта на працягу ўсіх гадоў з’яўляецца дзіцячая раённая бібліятэка. Загадчык бібліятэкі Людміла Градуленка фарміруе спісы ўдзельнікаў, распрацоўвае смету, узгадняе яе з Упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Акрамя таго, бібліятэка набывае ўсе неабходнае для рамонту. У праекце сёлетняга года прымалі удзел 40 падлеткаў ва ўзросце ад 14-ці да 17-ці гадоў. Местам іх працы сталі 7 гарадскіх, Парыцкая гарпасялковая, а таксама Чыркавіцкая, Печышчанская і Давыдаўская сельскія бібліятэкі. Займаліся хлопчыкі і дзяўчынкі мелкім рамонтам кніг з бібліятэчных фондаў. За 8 рабочых дзён яны адрамантавалі 3.200 выданняў і тым самым прадоўжылі цікавым кнігам жыццё.
Зразумела, сёння бібліятэкам патрэбна шукаць новыя фарматы зносін з чытачамі, спрабаваць і выбіраць. У гэтым – залог поспеху любой сучаснай бібліятэкі. Згаданы праект – адна з спроб у даным накірунку. А светлагорскія бібліятэкары ўжо гатовы да новых подзвігаў у верасні.
Автор статьи: Валентина Расошенко.




